Украінскі праект «Хачу жыць» ідэнтыфікаваў каля 700 беларусаў, якія ваююць на баку Расіі. Праект зазначае, што насамрэч колькасць наймітаў можа быць нашмат большая. Сярод іх ёсць і 22-гадовы Максім (імя змененае), гісторыю якога пісала BGmedia. Дадзеныя Максіма таксама ёсць у спісе праекту «Хачу жыць».
Чытайце таксама: В Украине погиб молодой брестчанин, который воевал за Россию. В 2020-м его наградили грамотой за геройство в Малорите
Беларус знік, з ім больш за два тыдні няма сувязі
Гісторыя пра маладога беларуса з разумовай адсталасцю, які пайшоў забіваць украінцаў за грошы, займела працяг. Яго сябра Ігар расказаў BGmedia, што беларус знік, з ім больш за два тыдні няма сувязі. Ягоныя сябры, якія жывуць у Беларусі, таксама не могуць з канца жніўня звязацца з хлопцам.
«Мы з ім перапісваліся ў мэсэджары, настрой ён меў песімістычны, ці, лепш сказаць — фатальны. Па-першае, ён не хацеў у штурмавікі, але натуральна ў яго ніхто не пытаўся. Ён на момант знікнення быў на фронце, на гарачым накірунку на Данбасе. Максім мне пісаў, што «пакуль жывы», і што папярэдняя група, якую адправілі на штурм, не вярнулася, бо ўсе палеглі. Больш ад яго ніхто не атрымаў ніякай весткі», — расказаў Ігар.
Максім падпісаў кантракт на пачатку ліпеня 2025 году. Пасля кароткатэрміновага навучання ваяваць, якое трывала менш за месяц, яго кінулі на гарачы накірунак, штурмаваць украінскія пазіцыі. Ён знік у канцы жніўня. То бок ягоны «баявы шлях» працягваўся ўсяго каля месяцу.
«Не хачу думаць пра самае горшае. Я сам за Украіну, але ўсё-такі ён быў маім сябрам у дзяцінстве, і мне яго шкада», — дадаў Ігар.
Нагадаем, Максім вырас у атмасферы дэпрэсіўнай беларускай вёскі, ягоныя бацькі былі алкаголікамі, працавалі на ферме і прапівалі заробак. Хлопец у першым класе школы атрымаў дыягназы «разумовая адсталасць» і «замаруджанае псіхічнае развіццё», ён займаўся па асобнай праграме.
Пасля школы Максім нідзе не вучыўся. Прасіўся ў войска — але яго не ўзялі праз дыягназы. Ён перабіваўся дробнымі заробкамі, ездзіў на заробкі ў Расію, дзе і ўбачыў «запрашэнне на вайну» — абяцалі пасля заключэння кантракту заплаціць 3 мільёны расійскіх рублёў (каля 37 тысяч даляраў). Так беларус трапіў на фронт.
Паводле праекту «Хачу жыць», за першыя шэсць месяцаў 2025 году як мінімум 596 грамадзян Беларусі падпісалі кантракт з расійскім войскам. Раней праект паведамляў пра 742 беларускіх наймітаў, сярод якіх як мінімум 96 загінулі.
Чытайце таксама: «Ён не разумее, што такое жыццё»: гісторыя беларуса, які ваюе за Расею
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: