Беларуская школа ўсё больш нагадвае месца, дзе галоўнае — кантраляваць паводзіны вучняў, а не ствараць добрыя умовы для навучання. Пра гэта BGmedia расказаў малады філолаг, які некалькі месяцаў праходзіў педагагічную практыку ў адной са школ краіны.
Чытайце таксама: «А они имеют право на нас кричать?»: беларуские школьники и взрослые спорят о запрете снимать учителей
Яго здзівілі турнікеты і карткі на ўваходзе, неабходнасць адзначацца ў журнале ў вартаўніка, забарона выходзіць на вуліцу падчас перапынкаў і агульная атмасфера пастаяннага кантролю. Паводле ягоных словаў, дзецям не хапае свежага паветра і магчымасці рухацца, а настаўнікі вымушаныя сачыць, каб вучні не бегалі і не шумелі ў калідорах.
«Школа стала падобнай да зоны», — так педагог апісаў свае ўражанні. На яго думку, абмежаванні, якія ўводзяцца дзеля бяспекі і дысцыпліны, могуць ператвараць звычайны школьны дзень у сур’ёзнае выпрабаванне для дзяцей.
«Дзяцей на свежае паветра катэгарычна не выпускалі»
Падчас практыкі настаўнік заўважыў вялікую розніцу паміж школай, якую памятае са свайго дзяцінства, і той, у якой працаваў цяпер.
«Я чалавек, які скончыў школу ў больш ліберальныя часы, і заўважыў радыкальныя змены, што адбыліся ў беларускай адукацыі», — расказаў ён.
Адной з першых рэчаў, якія кінуліся яму ў вочы, стаў парадак уваходу ў будынак.
«На ўваходзе ў школу быў не проста прапускны рэжым з вартаўніком ці вартаўніцай, а турнікет. Школьнікі мусяць прыкладаць картку да гэтага турнікета, каб увайсці і выйсці са школы, і адзначацца ў журнале, які быў у вартаўніка».

Аднак найбольш яго ўразіла тое, што вучняў не выпускалі на вуліцу падчас перапынкаў.
«Дзяцей на свежае паветра катэгарычна не выпускалі», — кажа педагог.
Ён успамінае, што яшчэ сем гадоў таму школьнікі маглі выйсці на школьны двор паміж заняткамі, прагуляцца, пабегаць або зайсці ў краму побач са школай. Гэта не заўсёды віталася, але не было забаронена так строга:
«Калі выпадаў снег, мы выбягалі ляпіць сняжкі і гулялі без куртак, без шапак, проста атрымлівалі свежае паветра, як усе нармальныя дзеці. Радаваліся першаму снегу, радаваліся восені, выходзілі збіраць лісце, каштаны».
Цяпер, паводле яго, магчымасць пабыць на вуліцы ў школьны дзень залежыць пераважна ад заняткаў фізічнай культурай.
«Адзіная магчымасць для дзяцей атрымаць свежае паветра ў дзень — гэта заняткі фізічнай культуры, якія толькі час ад часу і ў залежнасці ад надвор’я адбываюцца на вуліцы. Калі непагадзь, то дзеці застаюцца ўнутры школы».
У выніку вучні могуць правесці ў будынку некалькі гадзін запар. Калі ў раскладзе ёсць факультатывы, знаходжанне ў школе становіцца яшчэ даўжэйшым.
Чытайце таксама: «Парадак» любой цаной: як школа ў Беларусі цісне на настаўнікаў і вучняў
«У школах стала вельмі душна»
Настаўнік звязвае забарону выходзіць на вуліцу з тым, як дзеці паводзяць сябе на перапынках. Асабліва гэта заўважна, паводле яго, сярод вучняў 5–8 класаў.
«Дзеці ад 5 да 8 класа знаходзяцца ў той стадыі свайго развіцця, што ім неабходна кудысьці выпускаць сваё напружанне. І праз тое, што ім забаронена выходзіць на вуліцу, яны носяцца па калідорах, ствараючы душнае паветра».
Паводле педагога, у калідорах становіцца шумна, а дзеці часам падаюць, калі бегаюць:
«Я на ўласныя вочы бачыў, як дзеці падалі. Іх агартае нейкі шал на перапынках, бо ім няма куды гэтую энергію выкінуць».

Ён лічыць, што ў такой сітуацыі праблема не толькі ў дысцыпліне. Дзецям патрэбныя рух і магчымасць пераключыцца паміж урокамі, а не толькі патрабаванне сядзець ціха.
«Настаўнікі, якія ў гэты час дзяжураць на калідорах, за гэта на дзяцей крычаць, забіраюць у іх дзённікі, застрашваюць іх, пагражаюць».
Падчас практыкі ён стаў сведкам размовы, у якой настаўніца папярэджвала вучняў, што за бег па калідоры іх бацькоў будуць штрафаваць.
«На яе меркаванне, гэта поўная адсутнасць дысцыпліны. Але ж дзецям проста хочацца рухацца, і гэта натуральна», — адзначае педагог.
Паводле ягонага аопведу, часам адзіны спосаб праветрыць памяшканне — адчыніць акно ў класе, пакуль вучні знаходзяцца на перапынку:
«Адна магчымасць дзецям атрымаць свежае паветра — гэта калі дзеці выходзяць з класа на перапынак і настаўнік знаходзіцца адзін у класе і адчыняе вакно, бо проста ў класе ўжо няма чым дыхаць».
Чытайце таксама: Міністр адукацыі папракнуў бацькоў школьнікаў за выкарыстанне планшэтаў
Забарона тэлефонаў і новыя правілы бяспекі
Абмежаванні, пра якія расказвае настаўнік, з’явіліся пасля ўвядзення ўзмоцненага кантролю ў беларускіх школах.
З 1 верасня 2025 года ў школах увялі абмежаванне на выкарыстанне мабільных прылад на працягу навучальнага дня. Паводле тлумачэнняў Міністэрства адукацыі, вучні павінны пакідаць тэлефоны ў спецыяльна адведзеных месцах. Выключэнні прадугледжаныя, у прыватнасці, для дзяцей, якім мабільная сувязь патрэбная паводле медыцынскіх паказанняў.
У жніўні 2026 года Міністэрства адукацыі пацвердзіла, што мяняць гэты парадак з пачаткам укаранення сістэмы «Электронная школа» не плануюць. Вучні па-ранейшаму павінны пакідаць смартфоны ў спецыяльных ячэйках, а карыстацца імі падчас заняткаў можна толькі ў прадугледжаных выпадках.

У 2026 годзе ўзмацніўся і кантроль на ўваходзе ў школы. З 1 верасня дазволілі выбарачна правяраць асабістыя рэчы вучняў і наведнікаў без абавязковай прысутнасці бацькоў — дастаткова прысутнасці педагога.
Акрамя таго, з мая 2022 года дзейнічае агульнарэспубліканская забарона самавольна пакідаць будынак і тэрыторыю школы падчас перапынкаў. Згодна з Дзяржаўным школьным стандартам, да заканчэння заняткаў навучэнцы не могуць выходзіць на вуліцу без узгаднення з адміністрацыяй ці класным кіраўніком, паколькі ў гэты час адказнасць за іх бяспеку поўнасцю нясе ўстанова адукацыі.
Таксама ў каментарах пад відэа пра школьнае жыццё вучні скардзіліся, што ў некаторых установах ім не дазваляюць выходзіць на вуліцу, бегаць або гуляць на перапынках. BGmedia ўжо звяртала ўвагу на падобныя скаргі ў матэрыяле пра тое, што не так з умовамі навучання ў беларускіх школах.
Чытайце таксама: Месца працы стала турмой: настаўнік пра забарону тэлефонаў
«У Нарвегіі дзяцей дзеля іх здароўя змушаюць выходзіць на вуліцу»
Для параўнання настаўнік прывёў досвед Нарвегіі, дзе, паводле яго назіранняў, школьнікаў заахвочваюць праводзіць перапынкі на свежым паветры нават у непагадзь.
«Дзяцей выводзяць на свежае паветра ў Нарвегіі ў дождж, у снег, у любое надвор’е, каб дзеці маглі выкінуць кудысьці сваю энергію», — кажа ён.
Педагог лічыць, што такая практыка дапамагае дзецям пераключацца паміж заняткамі, рухацца і кантактаваць адно з адным па-за класам.

«Мне, як педагогу, здаецца, што замест таго, каб дзеці несліся па калідорах і маглі нашкодзіць сабе, лепш яны выйдуць на двор і прагуляюцца. Гэта таксама магчымасць і сацыялізацыі».
Ён не разумее, чаму натуральнае жаданне дзяцей пабегаць і пагуляць на перапынку ў беларускай школе часта ўспрымаюць як праблему дысцыпліны, а не як патрэбу, якую можна задаволіць у бяспечных умовах.
Чытайце таксама: Последний звонок для деревни: почему на Севере школы становятся центрами жизни, а в Беларуси — пустыми зданиями
«На калідоры нібыта вертухай ходзіць настаўнік»
Найбольш крытычна педагог адгукаецца пра агульную атмасферу ў школе:
«Беларуская школа стала падобнай да зоны: зэкаў таксама выпускаюць у дзённы час на калідор, дзе яны могуць паглядзець тэлебачанне ці чымсьці заняцца, альбо ходзяць у турэмную царкву, і тое самае мы бачым у беларускай школе».
Ён пералічвае тое, што, на яго думку, стварае гэтае ўражанне: прапускны рэжым, карткі, кантроль уваходу, праверкі асабістых рэчаў, а таксама настаўнікі, якія дзяжураць у калідорах:
«На калідоры нібыта вертухай ходзіць настаўнік, які вымушаны сачыць за тым, каб дзеці былі ціхія: не бегалі, не крычалі і нічога не рабілі».
Паводле словаў мужчыны, школа павінна заставацца месцам, дзе вучні могуць вучыцца, мець зносіны і развівацца, а не толькі выконваць строгія патрабаванні. На ягонае меркаванне, пастаянныя забароны і кантроль не замяняюць нармальных умоваў навучання.
«Дзецям проста хочацца рухацца, і гэта натуральна», — падсумоўвае ён.
Чытайце таксама: Самазабойствы школьнікаў у Беларусі: чаму школа не становіцца апорай для дзяцей
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро


Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: