Апошнія дзвесці гадоў сталі сапраўдным выпрабаваннем для беларускіх католікаў. Ім прыйшлося прайсці складаны і драматычны шлях, напоўнены перыядамі жорсткага ціску і барацьбы за выжыванне. У такія часы вялікую ролю нярэдка адыгрываюць асобныя постаці. Адным з такіх прыкладаў стаў Казімір Свёнтак — чалавек, які не баяўся ні нямецкіх акупантаў, ні савецкую ўладу.
Святар, асуджаны на смерць
Вайна і палітычны пераслед напаткалі Казіміра Свёнтака ўжо ў раннім дзяцінстве. Нарадзіўся ён у кастрычніку 1914 г. на мяжы сучасных Латвіі і Эстоніі. Туды яго сям’я эвакуявалася ад вайны. Мама з татай былі этнічнымі палякамі. За некалькі месяцаў да нараджэння Казіміра на фронт быў мабілізаваны яго бацька. Мужчына загінуў у 1920-м, калі ваяваў ужо на баку польскіх легіёнаў супраць Чырвонай арміі. Яго жонку з дзецьмі бальшавікі гвалтоўна перасялілі ў Сібір за тры гады да гэтага. Там жанчыне з сынамі і дачкамі прыйшлося перажыць голад і грамадзянскую вайну, а потым вярнуцца ў Баранавічы — на тагачасную тэрыторыю Польшчы.
У гэтым горадзе Казімір скончыў гімназію імя Тадэвуша Рэйтана. А потым паступіў у Пінскую вышэйшую духоўную семінарыю. Пасля яе заканчэння, вясной 1939 г. яго прысвецілі ў святары. Служэнне ён пачаў у Пружанах. Аднак хутка ўсе жыццёвыя планы зменіла Другая сусветная. Спачатку яна павярнула на захад Беларусі савецкую ўладу, якая зноў замахнулася на свабоду маладога ксяндза.
У красавіку 1941 Казімір Свёнтак быў арыштаваны па абвінавачванні ў «шпіянажы» і «антысавецкай агітацыі». Гэта былі стандартныя артыкулы, якія тады выкарыстоўвалі супраць духавенства. Казіміру вынеслі смяротны прысуд і адправілі чакаць яго ў брэсцкую турму. Аднак лёс Свёнтака выратавала ўварванне немцаў. Хаос вайны дазволіў ксяндзу ўцякчы з-за кратаў. Казімір пешшу вярнуўся ў сваю парафію ў Пружаны і працягнуў службу. Падчас нямецкай акупацыі ён таксама дапамагаў мясцовым жыхарам, ратуючы іх ад гвалту з боку нацыстаў.

Аднак пасля паўторнага вяртання савецкай улады ў 1944-м у ксяндза пачынаецца новая старонка кашмару. Чэкісты не забыліся на яго і зноў кінулі за краты. На гэты раз прысуд быў 10 гадоў лагераў строгага рэжыму і 5 гадоў паразы ў правах. Такім чынам Свёнтак пабываў у Сібіры і за Палярным кругам. Ён прайшоў праз экстрэмальныя ўмовы — мароз, голад, цяжкую працу.
Нягледзячы на забарону пад страхам карцэра ці расстрэлу, малады чалавек працягваў быць святаром. Родныя і вернікі з Беларусі прысылалі яму ў лагер разынкі і сухія каталіцкія гасціі пад выглядам звычайных сухароў. Дзякуючы гэтаму ён таемна служыў святыя імшы для зняволеных розных нацыянальнасцей (беларусаў, палякаў, літоўцаў, украінцаў). У апошнія гады зняволення яму нават удалося атрымаць хлеб і віно. Казімір Свёнтак цалкам адбыў свой тэрмін і выжыў там, дзе паміралі тысячы.
Святар у пасляваенным СССР
Пасля вызвалення ў 1954 годзе Казімір вярнуўся ў Беларусь, у Пінск. Ён пачаў наведваць мясцовы касцёл — Кафедральны сабор Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Тут у 1939 годзе ён праходзіў сваё святарскае пасвячэнне. Высвятлілася, што ў той перыяд там не было святара. Чэкісты арыштавалі яго і асудзілі на 25 гадоў. Казімір жа прапанаваў сваю кандыдатуру і пачаў служыць як душпастыр.
Ён нават паспрабаваў падаць заяву савецкім уладам, каб зарэгістравацца пробашчам у саборы. Але такія рашэнні толькі зноў прыцягнулі ўвагу спецслужбаў. Паўгады Свёнтака выклікалі ў КДБ і спрабавалі ці то праз ціск, ці то праз упрошванні прымусіць пакінуць службу. Яму было абяцана лепшае жыццё, калі ён пагадзіцца, і наадварот — вяртанне ў лагер у выпадку адмовы. Аднак святар нават не думаў здавацца — ён вытрымаў і гэтыя выпрабаванні. У рэшце рэшт службісты адчапіліся ад яго і дазволілі працягнуць сваю рэлігійную справу.

Афіцыйна Пінскі сабор не быў закрыты. І за межамі Літвы ён заставаўся адным з нешматлікіх дзейных каталіцкіх храмаў на тэрыторыі СССР. Свёнтак нярэдка казаў, што ў пэўным сэнсе яго парафія распасціралася ад ракі Буг на захадзе да Ціхага акіяна. Бо часам людзі ехалі тысячы кіламетраў, каб памаліцца ў пінскай катэдры. Сам пастыр таксама шмат падарожнічаў і таемна служыў імшу ў прыватных кватэрах.
Пінск стаў адным з нямногіх месцаў у БССР, дзе каталіцызм ня знік. А Свёнтак стаў ключавой фігурай захавання рэлігійных традыцый. Святару ўдалося ўтрымаць парафію жывой у савецкі час. Фактычна Казімір вынес на сабе існаванне каталіцкага жыцця ў рэгіёне і падрыхтаваў глебу для яго адраджэння ў 1990-я.
Кардынал Беларускай Каталіцкай царквы
Нядзіўна, што пасля распаду Савецкага Саюзу рэлігійнае жыццё Казіміра Свёнтка стала яшчэ больш насычаным. Папа Рымскі Ян Павел ІІ аднавіў структуры Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і ўжо ў красавіку 1991-га прызначыў 76-гадовага Свёнтка арцыбіскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. На сваёй новай пасадзе Казімір пачынае аднаўляць дзейнасць парафій, спрыяе вяртанню касцёлаў вернікам, запрашае святароў з-за мяжы, падтрымлівае падрыхтоўку новых беларускіх ксяндзоў, удзельнічае ў аднаўленні семінарый і касцёльных структур. Пасля дзесяцігоддзяў служэння ў Пінску ён атрымаў адказнасць за аднаўленне каталіцкага жыцця ва ўсёй краіне. А ў 1994 г. Папа Рымскі ўзводзіць беларускага святара ў найвышэйшы чын — у кардыналы.

Як кардынал, Свёнтак удзельнічае ў важных касцёльных падзеях унутры краіны і за яе межамі. У свеце ён стае вядомы як адзін з апошніх жывых сведкаў савецкіх рэпрэсій супраць хрысціян. Яго запрашаюць выступаць з успамінамі пра ГУЛАГ і рэлігійнае жыццё ў СССР. Адначасова Свёнтак працягвае ўзначальваць Пінскую дыяцэзію, з якой быў вельмі моцна звязаны ўсё жыццё.
У 2006 годзе Свёнтак адышоў ад кіравання царквой паводле ўзросту, але працягваў заставацца важным духоўным аўтарытэтам для беларускіх католікаў. Нават у вельмі сталым узросце ён удзельнічаў у касцёльным жыцці, наколькі дазваляла здароўе. Памёр легендарны святар 21 ліпеня 2011 года ва ўзросце 96 гадоў. Яго пахавалі ў тым самым Пінскім кафедральным касцёле, дзе ён служыў большую частку свайго жыцця.

У Беларусі Казімір Свёнтак успрымаецца як адна з галоўных постацей адраджэння Каталіцкай царквы. У Польшчы пра яго пішуць як пра сведку ГУЛАГу і пераследу Касцёла. Узгадваюць яго і ў Ватыкане. Там у даведніках і біяграфіях кардыналаў яго апісваюць як ратавальніка веры ў часы забойстваў і рэпрэсій. Для католікаў і многіх простых беларусаў Казімір Свёнтак застаўся сімвалам нязломнасці — чалавекам, які вытрымаў войны, лагеры і дзесяцігоддзі ганенняў.
Будь на связи и в безопасности: подключи BGlobal VPN
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро


Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: