Пасля цяжкай анкалагічнай хваробы памёр грэка-каталіцкі святар Ігар Кандрацьеў. Яму было 67 гадоў. Айцец Ігар шмат гадоў узначальваў грэка-каталіцкую супольнасць у Брэсце і вобласці, а ў жніўні 2020 года быў побач з берасцейцамі падчас пратэстаў. Тады ў інтэрв’ю BGmedia ён казаў, што спадзяецца дажыць да часу, калі Беларусь атрымае справядлівую і сумленную ўладу.
Чытайце таксама: Брестский священник о беларуских протестах и президенте: «Власть – это дар от Бога, данный для служения людям»
Паходзіў з сям’і рэпрэсаваных і стаяў ля вытокаў грэка-каталіцкіх парафій
Пра смерць Ігара Кандрацьева паведаміла грэка-каталіцкая супольнасць. Святар памёр на Святой Зямлі пасля цяжкай анкалагічнай хваробы, пiша «Наша Нiва».
Ігар Кандрацьеў нарадзіўся ў 1959 годзе ў Сібіры ў сям’і рэпрэсаваных. Па бацькавай лініі ягоныя продкі паходзілі з Беларусі. Яшчэ ў XIX стагоддзі іх выслалі пасля аднаго з паўстанняў. Сярод продкаў Кандрацьева былі святары і іканапісцы.
Ён атрымаў архітэктурную адукацыю, займаўся рэстаўрацыяй храмаў і іканапісам. У 1988 годзе Ігара Кандрацьева рукапаклалі ў святары, а з 1995 года ён пачаў служыць у Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве.
Пасля пераезду ў Беларусь святар хутка вывучыў беларускую мову. З 1996 года ён узначальваў рэдакцыю рэлігійнай газеты «Царква».
Айцец Ігар стаяў ля вытокаў стварэння грэка-каталіцкіх парафій у Брэсце, Івацэвічах, Баранавічах, Пінску, Слоніме і Астраўцы. Ён таксама займаўся будаўніцтвам душпастырскіх цэнтраў, удзельнічаў у экуменічным дыялогу і папулярызаваў беларускія пераклады Бібліі.
У служэнні яму дапамагала жонка Вольга — музыкантка і рэгентка. У сям’і нарадзіліся двое сыноў.
У лістападзе 2022 года сілавікі прыйшлі па святара проста ў берасцейскую царкву перад пачаткам вечаровай службы. Разам з ім затрымалі рэдактара газеты «Царква» Ігара Бараноўскага. Перад судом у доме Кандрацьева правялі ператрус. У выніку святару прызначылі 12 сутак адміністрацыйнага арышту, а Бараноўскаму — 15 сутак. Справу звязвалі з «распаўсюдам экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Чытайце таксама: В Бресте задержали священника греко-католической церкви отца Игоря и издателя газеты “Царква” Игоря Барановского
«Людзі зразумелі, што яны не народзец». Якім айцец Ігар запомніўся ў 2020 годзе
Асаблівае месца ў біяграфіі Ігара Кандрацьева займае жнівень 2020 года. Пасля выбараў і гвалту сілавікоў святар штодня выходзіў на вуліцы Брэста. Ён падтрымліваў удзельнікаў мірных акцый, жанчын у ланцугах салідарнасці, размаўляў з людзьмі і прыходзіў да тых, хто чакаў сваіх родных каля СІЗА і ІЧУ.
Сам Кандрацьеў пазней расказваў BGmedia, што з раніцы да позняга вечара хадзіў па Савецкай і праспекце Машэрава, спрабаваў размаўляць з міліцыянерамі і амапаўцамі. Сваю місію ён бачыў у тым, каб паказаць: царква знаходзіцца на баку праўды, а святар павінен быць побач з людзьмі, суцяшаць і дапамагаць ім.

Асабліва берасцейцам запомніўся шматтысячны мітынг на плошчы Леніна 16 жніўня. Кандрацьеў выйшаў да тагачаснага старшыні гарвыканкама Аляксандра Рагачука і запатрабаваў вызваліць людзей, затрыманых падчас пратэстаў.
«Я патрабаваў у старшыні гарвыканкама пайсці са мной у СІЗА і вызваліць затрыманых падчас пратэстаў. І Аляксандр Рагачук насамрэч пайшоў. Не нагамі, але ён пайшоў фактычна. Адправіўшыся ў свой кабінет, ён пачаў тэлефанаваць», — успамінаў айцец Ігар. Пасля гэтага святар сам пайшоў да ізалятара і заставаўся там да глыбокай ночы — пакуль на волю не выйшлі апошнія затрыманыя.

Неўзабаве яго выклікалі ў пракуратуру. Намеснік пракурора ўручыў святару папярэджанне: улады палічылі, што ён удзельнічае ў мітынгах і займаецца іх арганізацыяй. Кандрацьеў з такой ацэнкай не пагадзіўся. «Я свабодны чалавек. Гуляю па горадзе, размаўляю з людзьмі. І я не згодны з іх ацэнкай маіх дзеянняў і таго, што адбываецца», — казаў ён тады BGmedia.
У вялікім інтэрв’ю BGmedia айцец Ігар шмат разважаў пра ўладу і адказнасць чалавека перад грамадствам. Ён казаў, што ўлада — гэта дар, які даецца не дзеля самога кіраўніка, а дзеля служэння людзям. Калі ж чалавек выкарыстоўвае яе для сябе, ладзіць рэпрэсіі і тэрор, ён, паводле Кандрацьева, ператвараецца ва ўзурпатара.
Падзеі 2020 года святар называў трэцяй рэвалюцыяй у сваім жыцці. Але галоўнай зменай ён лічыў нават не палітычныя падзеі, а тое, як змяніліся самі беларусы. «У гэтым годзе адбылося самае галоўнае: людзі зразумелі, што яны не народзец, якім можна панукаць, камандаваць, а народ, супольнасць», — казаў Кандрацьеў.

Падводзячы для BGmedia вынікі 2020 года, ён адзначаў, што ў таго страшнага года быў і важны пазітыў: «У многіх расплюшчыліся вочы, мы ўбачылі адно аднаго». Людзей, з якімі пазнаёміўся ў жніўні, святар называў амаль роднымі.
На 2021 год айцец Ігар жадаў беларусам захаваць сваю «неверагоднасць», крэатыўнасць, жыццялюбства і грамадзянскую актыўнасць. Ён хацеў, каб зніклі хваробы, беларусы, вымушаныя пакінуць краіну, вярнуліся дадому, а Беларусь стала свабоднай і квітнеючай.
А яшчэ нагадваў словы Яна Паўла II пра тое, што беларусам трэба быць адважнымі, смелымі і мужнымі.
У жніўні 2020-га Кандрацьеў казаў BGmedia і пра сваю асабістую надзею: ён хацеў дажыць да моманту, калі Беларусь «рэанімуецца» і атрымае справядлівую, сумленную ўладу. Святар быў перакананы, што дыктатарскі рэжым не зможа існаваць вечна, бо беларусы ўжо адчулі сябе свабоднымі людзьмі. На жаль, гэты цудоўны чалавек не дажыў да вызвалення Беларусі ад рэжыму Лукашэнкі.
Чытайце таксама: Брестский священник Игорь Кондратьев рассказал, зачем его вызывали в прокуратуру
Будь на связи и в безопасности: подключи BGlobal VPN
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро



Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: